БЕЛАВЕ́ЖСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК,
у Польшчы, ва ўсх. ч. Падляска-Белавежскіх нізін у Падляска-Мазурскім краі; частка ляснога масіву Белавежскай пушчы. Засн. ў 1947. Пл. 5317 га, у тым ліку пад лесам 4904 га (92%). 89% пл. (4747 га) пад рэзерватам — зонай абсалютнай аховы. У флоры 632 віды сасудзістых раслін (у тым ліку бяроза цёмная, мнаганожка звычайная, гайнік цёмна-чырвоны, пылкагалоўнік чырвоны, тайнік сэрцападобны, каменяломнік балотны), больш за 1000 відаў грыбоў, 250 лішайнікаў, 80 імхоў, водарасці. Сярод 11 тыс. відаў жывёл, што трапляюцца ў парку, тыповыя для гэтага рэгіёна прадстаўнікі млекакормячых, у тым ліку ахоўныя зубр і бабёр, каля 200 птушак, 8,5 тыс. відаў насякомых, шматлікія паўзуны і земнаводныя. Ёсць музей прыроды, стараж. прысядзібны палацавы парк, дзе створаны закрыты рэзерват гадоўлі зуброў. Па рашэнні ЮНЕСКА з 1977 Белавежскі нацыянальны парк з’яўляецца біясферным (міжнародным) рэзерватам, уключаны ў спіс аб’ектаў сусветнай культ. і прыроднай спадчыны.
Т.А.Сабалеўская.
т. 2, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)